БІЯТЫ́ЧНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ,
сукупнасць жывых арганізмаў розных відаў, якія жывуць сумесна ў межах прыроднай прасторы або тэрыторыі (біятопу) і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой (напр., фітапланктон вадаёма, глебавыя жывёлы ўчастка лесу і інш.); частка экасістэмы. Часам біятычнае згуртаванне — сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл, мікраарганізмаў; сінонім біяцэнозу). Адрозніваюць біятычнае згуртаванне раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). Сістэма арганізацыі жывой матэрыі з некаторымі асаблівымі ўласцівасцямі, якіх не маюць яе кампаненты (асобіны і папуляцыі), функцыянуе як адзінае цэлае дзякуючы ўзаемазвязаным метабалічным пераўтварэнням. У залежнасці ад змены фактараў навакольнага асяроддзя біятычныя згуртаванні паступова пераходзяць адно ў адно. Ад біятычнага згуртавання залежыць функцыянаванне арганізма. Мае розныя памеры (напр., біёты дрэвавага ствала і вял. лесу або акіяна). Біятычныя згуртаванні першы вывучаў амер. вучоны В.Шэлфард (1913). Гл. таксама Біём.
т. 3, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)